Вы здесь: Главная ГУ «Мозырский районный центр по обеспечению деятельности бюджетных организаций в сфере образования» Методическая работа Тэатралізаваная дзейнасць як сродак развіцця маўлення дашкольнікаў
Тэатралізаваная дзейнасць аказвае значнае ўздзеянне на маўленчае развіццё дзіцяці, стымулюе актыўную гаворку дзякуючы павелічэнню слоўнікавага запасу, паляпшае артыкуляцыйнай апарат. Дзіця спасцігае прыгажосць роднай мовы, яевыразныя сродкі.
Выхавальнік Каменскага ясляў-сада Мазырскага раёна Алена Гвоздзь на сваім вопыце работы паказвае, што значную ролю ў фарміраванні гэтых працэсаў адыгрываюць забавы і святы з узнікненнем новых герояў, казачных персанажаў (пераапранутых дарослых людзей), з увядзеннем лялечнага тэатра.
Алена Мікалаеўна распрацавала і вырабіла аўтарскі дапаможнік “Казка побач”, настольны тэатр, у якім прадстаўлена не адна казка. Выхаванцы малодшай групы з вялікай цікавасцю прымаюць удзел у драматызацыі, складаюць свае казкі і абгульваюць ужо знаёмыя.
Ужываючы выразныя сродкі і разнастайныя інтанацыі, якія адпавядаюць характарам герояў і іх учынкаў, дзіця імкнецца выказвацца разборліва, каб яго ўсё зразумелі. У тэатралізаванай дзейнасці выпрацоўваецца дыялагічная, эмацыянальна насычаная гаворка. Дзеці лепш спасцігаюць змест твора, логіку і парадак падзей, іх фарміраванне і прычынную абумоўленасць. Тэатр садзейнічае засваенню кампанентаў маўленчых зносін: мімікі, жэсту, позы, інтанацыі, мадуляцыі голасу.
Нашым выхавальнікам таксама распрацаваны картатэкі тэатралізаваных гульняў, сцэнарыі “Казкі на новы лад”, памяткі і кансультацыі для бацькоў і педагогаў.
Зараз можна сказаць, што ў выніку такой дзейнасці дасягнуты вялікія поспехі ў развіцці камунікатыўных і маўленчых навыкаў дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту.
Вера КАБЗАР,
загадчык Каменскага ясляў-сада
Мазырскага раёна